Дзень Незалежнасці Украіны ў Брэсце

Прадстаўнікі украінскага консульства ў Брэсце, мясцовай прадстаўнічай і выканаўчай улады, дыяспары і грамадскасці горада ўсклалі кветкі ля помніка Тараса Шаўчэнкі. Пасля адбыўся кароткі мітынг.

Перад прысутнымі выступілі: Анатоль Діденко — консул Украіны ў Брэсце, Валерый Тарасаў – намеснік старшыні Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў, Віктар Місіюк — кіраўнік украінскага навукова-педагагічнага таварыства «Берагіня», Барыс Брук – ад габрэйскай грамадскасці, Ігар Маслоўскі — кіраўнік арганізацыі «За свой горад», лідэр сацыял-дэмакратаў у Брэсцкай вобласці. Усе выступаючыя адзначылі, што нашы краіны аб’ядноўвае сумеснае гістарычнае мінулае, сучаснае супрацоўніцтва і добрасуседскія ўзаемаадносіны.

«Шаноўныя украінскія сябры! Ад імя грамадскасці Берасця віншуем Вас з Днём Незалежнасці!

Незалежнасць – найвялікшая каштоўнасць для кожнай нацыі. Мы вітаем выбар Украіны на еўрапейскую інтэграцыю. Мы верым, што Беларусь у самы бліжэйшы час таксама абярэ шлях да еўрапейскага выбару. Для нас гэта захавання правоў чалавека, высокі узровень адукацыі, даступная і якасная ахова здароўя, высокія сацыяльныя стандарты…

Украінскі народ змагаецца за сваю незалежнасць больш за тысячу гадоў: пачынаючы з Кіеўскай Русі і заканчваючы сучаснай Украінай. Мы салідарныя з украінскім народам!

Нашы народы на працягу вякоў аб’ядноўваюць культурныя, гістарычныя і эканамічныя сувязі. Мы маем выдатную гісторыю суіснавання двух народаў: як у межах Кіеўскай Русі, так і ў межах Вялікага княства Літоўскага.

Жадаем моцы, веры, поспехаў і дабрабыту украінскаму народу!

Слава Украіне! Жыве Беларусь!» — адзначыў Ігар Маслоўскі.